У́НГЕРН ФОН ШТЭ́РНБЕРГ Раман Фёдаравіч (10.1.1886, в-аў Хійумаа, Эстонія — 5.9.1921),
адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць сав. улады ў Забайкаллі і Манголіі. З прыбалт. ням. роду, барон. Ген.-лейт. (1919). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1908). Служыў у Забайкальскім казацкім войску. Удзельнік 1-й сусв. вайны, за крымінальнае злачынства асуджаны на 3 гады крэпасці, але вызвалены пасля Лют. Рэвалюцыі 1917. Часовым урадам накіраваны ў Забайкалле, дзе камандаваў конна-азіяцкай дывізіяй, на чале якой у 1920 накіраваўся ў Манголію. У лют. 1921 заняў Ургу (цяпер Улан-Батар), атрымаў ад манг. знаці тытул «вана» (князя) і пасаду галоўнакамандуючага ва ўрадзе, стаў фактычным дыктатарам Манголіі. У маі 1921 уварваўся на тэр. Далёкаўсх. рэспублікі. У ходзе Манг. аперацыі 1921 атрады У. фон Ш. былі разгромлены Чырв. Арміяй сумесна з манг. рэв. войскамі. 21.8.1921 У. фон Ш. выдадзены манголамі партыз. атраду П.Я.Шчацінкіна і паводле прыгавору Сіб. рэв. трыбунала расстраляны.
Літ.:
Юзефович Л. Самодержец пустыни: Феномен судьбы барона Р.Ф.Унгерн-Штернберга. М., 1993.
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)